Суіцыд – праява часу?

10 верасня ва ўсім свеце лічыцца Днём прадухілення самазабойсваў. Ужо само па сабе існаванне такога дня ў сусветным маштабе гаворыць аб сур’ёзнасці і маштабнасці праблемы суіцыдаў. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у апошні час штогод каля 1 млн чалавек добраахвотна развітваюцца з жыццём. Колькасць самазабойстваў адпавядае колькасці ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў.

На працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў у Беларусі захоўваецца высокі ўзровень суіцыдальнай актыўнасці – звыш 20 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва (сусветны паказчык – каля 16 выпадкаў на 100 тысяч).

Па даручэнні Савета Міністраў Міністэрствам аховы здароўя разам з зацікаўленымі бакамі быў распрацаваны комплексны план па прафілактыцы суіцыдальных паводзін на 2009-2012 гады.

Асноўная прычына суіцыдальных паводзін ва ўсіх узроставых групах – гэта канфлікты ў сям’і. Часта гэта звязана з тым, што людзі не ўмеюць будаваць зносіны адзін з адным.